Вольга Брылон. МУЗЫКА. Свята для меламана
Кожная песня Молчана — маленькая з’ява, у якой шмат мастацкіх вартасцяў…
Алег Молчан — адзін з нямногіх прафесійных кампазітараў, што паспяхова працуюць у эстрадным жанры і не скардзяцца на адсутнасць павагі з боку FM-станцый, ад якіх залежыць раскрутка песень і, адпаведна, іх папулярнасць.
Вольга Брылон. Музыказнаўца, музычны крытык, член Саюза беларускіх кампазітараў. З 1989 года вядзе канцэрты салістаў і прафесійных творчых калектываў Беларусі ў якасці музыказнаўцы Беларускай дзяржаўнай філармоніі. У 1993-2002 гадах працавала музычным рэдактарам Беларускага радыё. Друкуецца ў вядучых культуралагічных выданнях нашай краіны. |
Вядомы музыкант — піяніст, кампазітар і аранжыроўшчык, — Алег Молчан добра ведае кан’юнктуру сучаснага песеннага рынка, у якім адчувае сябе як рыба ў вадзе. Пры гэтым мае за плячыма не толькі фундаментальную музычную адукацыю, але і ні з чым не параўнаны практычны вопыт працы.
Чаго вартая адна толькі дзейнасць у ансамблі «Песняры»! У канцы 1980-х Уладзімір Мулявін асабіста прызначыў маладога перспектыўнага музыканта на пасаду музычнага кіраўніка знакамітага ансамбля (!), у якім Алег Молчан адпрацаваў каля 12 гадоў. Без перабольшання, з дзейнасцю Молчана звязаныя лепшыя творчыя дасягненні ансамбля «Песняры» 1990-х гадоў.
Гэта і яго аўтарская праграма «Слова Скарыны» (1991 г.), і хіты розных гадоў «Когда мы были юны», «Чужая», «Маргарыта», «Стася», «Обманите меня», «Кума», «Гусі». І песні Мулявіна, аранжыраваныя Молчанам так, што варта гаварыць пра іх падвоенае аўтарства, бо менавіта дзякуючы молчанаўскай аранжыроўцы яны набылі фірменнае «песняроўскае» гучанне і доўгае жыццё ў музычна-эфірнай прасторы Беларусі — «Каля млына», «Касіў Васіль сена», «Лявоніха», «Слуцкія ткачыхі» і шмат-шмат іншых хітоў «Песняроў», якім Молчан дапамог нарадзіцца і набыць вялікую папулярнасць.
Але галоўнае творчае дасягненне Молчана-кампазітара — яго вялікая песня «Малітва» на словы Янкі Купалы. Праспяваная Мулявіным, яна стала духоўным запаветам выдатнага Песняра нашай краіне і яе народу.
На аўтарскім канцэрце «Алег Молчан запрашае сяброў» у Палацы Рэспублікі кампазітар сабраў лепшыя песні розных гадоў, прадэманстраваўшы не толькі творчыя дасягненні, але і выдатныя якасці шоў-мэна. Ён бліскуча канферыраваў, артыстычна жартаваў і уступаў у дыялог з артыстамі і публікай, дзякуючы чаму на канцэрце склалася вельмі цёплая і добразычлівая атмасфера. Практычна ўсе дзве з паловай гадзіны, што доўжыўся канцэрт, Алег правёў за раялем. Яго віртуозныя фартэпіянныя сола і імправізацыі — неад’емная частка ўсіх аранжыраваных ім песень. Ці варта гаварыць, як гэта ўзбагачае і ўпрыгожвае яго музыку!
Кожная песня Молчана — маленькая з’ява, у якой шмат мастацкіх вартасцяў. Галоўнае ж, безумоўна, — мелодыя. Вось яшчэ адзін шчаслівы дар, якім шчыра надзяліла Алега прырода!
Кожная з выконваемых песень, ад вядомых хітоў да цалкам новых работ, не засталася без увагі публікі. І цяжка сказаць, штó гледачоў захапляла больш — музыка, уласна песні ці магчымасць сузіраць любімых артыстаў. А на канцэрце ж быў сапраўдны зорапад: музыканты ансамбля «Песняры» розных складаў, і першы сярод першых — легендарны Л.Барткевіч; Я.Паплаўская і А.Ціхановіч, М.Скорыкаў, Я.Навуменка, І.Афанасьева, Дз.Вайцюшкевіч, група «Чысты голас». Папулярныя дзякуючы эфірам на FM-станцыях песні Молчана спявала яго жонка і суаўтар Ірына Відава, якую журналісты жартам называюць «самай гламурнай спявачкай у Беларусі».
Прынамсі, такія іх сумесныя хіты, як «Максидрайв», «Лунные танцы», «Думала», «Самба Листопад», «На одной волне» на сённяшні дзень займаюць верхнія радкі хіт-парадаў. Кульмінацыяй канцэрта стала фінальнае выкананне «Малітвы», праспяванай усемі удзельнікамі канцэрта. Моцны фінал падтрымала глядзельная зала: на першых жа секундах гучання знакамітай кампазіцыі гледачы ўсталі і так, стоячы, слухалі песню да самога канца…
Аўтарскі канцэрт Алега Молчана быў прымеркаваны да 25-годдзя яго творчай дзейнасці. Магчыма, дбайны глядач мог бы адзначыць, што з прычыны тэлездымкі праекта каналам СТВ большасць кампазіцый прагучала ў фармаце «+1». Гэта — асноўная ўмова тэлевізійных рэдактараў, і з гэтым нельга не пагаджацца арганізатарам. Але хочацца спадзявацца, што большасць публікі ацаніла самае лепшае, што было на гэтым канцэрце, а менавіта — высокаякасную музыку Алега Молчана, выдатна падабраны склад артыстаў і цудоўную атмасферу сяброўства. Як сказаў Якаў Навуменка, «добра, што падобныя праекты даюць магчымасць збіраць на сцэне Палаца Рэспублікі беларускіх артыстаў, бо яны — лепшыя!».
Вяртаючыся з канцэрта, я ўзгадала гэтыя словы, калі пабачыла ў вечаровых агнях дзве афішы, расклееныя побач. Адна запрашала на творчы вечар Алега Молчана, другая — на канцэрт Ігара Крутога, які мае адбыцца ў Мінску днямі. Падумалася: па масштабе таленту Алег Молчан нічым не саступае свайму знакамітаму расійскаму калезе. Шкада толькі, што, у адрозненне ад апошняга, свае сольныя канцэрты Алег ладзіць выключна да юбілеяў, а большасць часу марнуе не на творчасць, а на вечныя пошукі грошай, каб адзначыць і правесці ўсё належным чынам.
На жаль, так было, так ёсць і так будзе…