Алег Молчан: “Я заўсёды быў на баку Мулявіна”

Ён застанецца ў гісторыі “Песняроў” хаця б праз тое, што напісаў музыку да геніяльнай “Малітвы”: калі я бачу па тэлевізары тыя архіўныя кадры, у мяне разам з Уладзімірам Мулявіным па шчоках коцяцца слёзы. Але было б найвялікшай несправядлівасцю назваць Алега МОЛЧАНА аўтарам адной песні. “Стася”, “Маргарыта”, “Кума”, “Падманіце мяне”, “Калі мы былі юныя”, “Гуляй, казак” увайшлі не толькі ў “залатую калекцыю” вялікага калектыву, але і ў гісторыю беларускай музыкі. Пра тое, чым яшчэ (і вельмі шматлікім) яму абавязаныя “Песняры”, і чым ён — яшчэ больш шматлікім — абавязаны ансамблю, наша гутарка з кампазітарам.

 

/i/content/pi/cult/738/16025/10.jpg— Ты будзеш удзельнічаць у якіх-небудзь мерапрыемствах, прысвечаных 50-годдзю “Песняроў”?

— Так, мне патэлефанаваў кіраўнік Беларускага дзяржаўнага ансамбля Раман Козыраў і запрасіў выступіць з ім 12 ліпеня на “Славянскім базары ў Віцебску” на юбілейным канцэрце. Сёння абмяркоўваецца, як магла б выглядаць мая прысутнасць — у якасці толькі кампазітара або кампазітара і музыканта на сцэне. Але я і сам святкую 50-годдзе. На расійскай “Фірме Мелодыя” да канца года павінна выйсці пласцінка з маімі песнямі — у тым выглядзе, у якім іх калісьці выконвалі “Песняры”. А ў новы альбом маёй жонкі Ірыны Відавай, які таксама рыхтуецца ў Маскве, увойдзе песня “Падманіце мяне”. І гэты яе варыянт я лічу адным з лепшых (дарэчы, варта нагадаць, што легендарная “Мелодыя” запісвала і выпускала першыя дыскі “Песняроў”).

— Але гэта была зусім іншая эпоха. А як успрымаюць “Песняроў” сёння?

— Ведаеш, я магу меркаваць пра гэта хіба па маіх выпадковых гутарках з людзьмі ў Расiі ды іншых краінах былога СССР. І выснова несуцяшальная: пры ўсёй безумоўнай велічы ансамбля, масавая публіка сёння добра калі нешта пра яго ведае. Натуральна, тут я не маю на ўвазе тых, хто “ў тэме” — хаця іх шмат.

— І чаму так здарылася?

— “Песняры” самі ж і вінаватыя, што развеялі сваю славу. Развал ансамбля і тое, як ён адбываўся, вельмі негатыўна адбіўся на яго іміджы. На апошнім нашым “паседжанні” я прасіў і Улада Місевіча, і іншых, каб яны вярталіся: маўляў, чорт з імі, з гэтымі непаразуменнямі, як-небудзь сшыецца. Але глядач жа не вінаваты, ён хоча бачыць побач з Мулявіным і Дайнеку, і Пеню, і Місевіча. Аднак што атрымалася, тое атрымалася. І калі музыканты “Беларускіх песняроў” сталі наракаць на з’яўленне клонаў “Песняроў”, я адказваў: дык вы ж першымі ў гэтым шэрагу і з’явіліся!

— Што ўваходзіла ў абавязкі Алега Молчана ў “Песнярах” — акрамя грання на клавішных?

— Я пісаў песні, рабіў аранжыроўкі, праводзіў рэпетыцыі з інструменталістамі, часам са спевакамі — распісваў для іх вакальныя партыі. Натуральна, інструментальныя таксама. Нешта падыходзіла, нешта не. Памятаю, аднойчы мы паспрачаліся з Мулявіным. У мяне было сваё бачанне ўступу песні “Чырвоная ружа”, у яго сваё. Праходзіць пара дзён, я разумею, што мае рацыю Георгіевіч! А ён мне: “Усё правільна ты мне пра тую партыю казаў”… Так мой уступ і застаўся. Што яшчэ… Так, пастаянна адбіраў музыкантаў. А Мулявін іх, вядома ж, зацвярджаў. І Валодзю Марусіча я запрасіў, і Віцю Малчанава, і Аліка Кацiкава — шмат каго. А ў 1998 годзе я афіцыйна стаў музычным кіраўніком ансамбля. Не высокія інстанцыі мяне ім прызначылі, а сам Мулявін падзяліўся са мной сваім уплывам, уладай, аўтарытэтам. Бо давяраў мне.

— Ён жа цябе і паклікаў у “Песняры” ў 1989-м, а апынуўся ты ў іх складзе двума гадамі пазней. Любы іншы на тваім месцы ўсё кінуў і пабег бы адразу, а ты чамусьці паўзу вытрымаў…

— У 1989-м я збіраўся паступаць у кансерваторыю на спецыяльнасць “Кампазіцыя”, а яна мела толькі вочнае аддзяленне. Гэта значыць, трэба было б неяк разрывацца паміж вучобай і ансамблем. (Праўда, паступіў я ў кансерваторыю ў 1991-м і ў канцы таго ж года сышоў у “Песняры”!) Мулявін, як я адчуваў, пакрыўдзіўся на маю адмову пайсці да яго.

— А як адбылося вашае знаёмства?

— Дзякуючы паэту Аляксандру Лягчылаву. У нас з ім было напісана некалькі песень, і неяк ён мне сказаў: “Зараз будзе адзначацца 500-я гадавіна Францыска Скарыны. З гэтай нагоды нейкі конкурс сярод кампазітараў абвясцілі. Давай напішам праграму пра Скарыну!” Вершы ў Аляксандра Кузьміча, аказваецца, ужо былі. І атрымалася ў нас рок-паэма з шасці — сямі песень і двух інструментальных нумароў “Ave sole, альбо Словы Скарыны” — хвілін на 35. Трэба было яе кудысьці прыладкаваць. Хадзілі-хадзілі, Лягчылаў тэлефанаваў камусьці — і, нарэшце, паведаміў: “Песнярам” жа 20 гадоў спаўняецца, добра гэтыя дзве даты сшываюцца. Давай Мулявіну пакажам праграму, я ўжо з ім папярэдне пагаварыў”. А “Песняроў” я ўжо тады лічыў самым галоўным калектывам СССР.

Прыйшлі ў філармонію, дзе тады базаваўся ансамбль, я сыграў Мулявіну тыя песні. Ён паслухаў: “Ну добра. А што ты заўтра робіш?” — “Заўтра? Нічога. Толькі вечар заняты — я ў рэстаране музыкантам падпрацоўваю”. — “Прыходзь у студыю, я хлопцаў папярэджу. А пакуль рабі аранжыроўкі — будзем рабіць праграму”. Я нават пахвалявацца не паспеў, так усё проста атрымалася!

Мулявін адразу загрузіў мяне аранжыроўкамі некалькіх іншых песень. А ў Маскве, дзе праграму пра Скарыну добра прынялі ў канцэртнай зале “Расія”, ён мне і прапанаваў увайсці ў склад ансамбля. І я яму ўсё растлумачыў наконт кансерваторыі: “Трапіць да вас — гэта за шчасце! Але… Давайце я ў вас буду пазаштатным работнікам? Заўсёды пад рукой”. І стаў працаваць у ансамблі аранжыроўшчыкам.

— Але ўрэшце кансерваторыю ты кінуў…

— Таму я і не сябра Беларускага саюза кампазітараў — бо не маю вышэйшай музычнай адукацыі. Кінуў у тым ліку і таму, што “зашыўся” з праграмай на вершы Багдановіча “Вянок” (на яе аранжыроўку Мулявін мне адвёў два месяцы). Гэта былі ў большасці сваёй толькі нотныя радкі — мелодыі. Мне неабходна было дапісаць уступы, інструментальныя пройгрышы, надаць усяму гэтаму завершаную форму. Праца над “Вянком” выглядала прыкладна так: я рабіў партытуры і распісваў партыі, затым гэта ўсё прыносіў на рэпетыцыю і ўжо ў працэсе выканання кожны з удзельнікаў мог унесці сваю лепту: напрыклад, Мулявін або Дайнека дадавалі бэк-вакалы, Растопчын — гітарныя ўпрыгожванні, Бяляеў — барабанныя збіўкі… І пасля рэпетыцый я карэктаваў свае аранжыроўкі.

У гэтым, па сутнасці, і заключалася зладжаная праца ансамбля. Потым ён з гэтай праграмай паехаў туды, потым — сюды. Так я сесію і прапусціў. Акадэмічны адпачынак мне не далі — сказалі, што трэба паступаць нанова. “Ну і халера з гэтай кансерваторыяй!” — вырашыў тады я. Тым больш, у “Песнярах” ужо прыпрацаваўся.

Я, дарэчы, і цяпер пры сустрэчы “падколваю” Міхаіла Антонавіча Казінца, які ў той час быў рэктарам кансерваторыі: маўляў, што ж вы насустрач студэнту не пайшлі? А ён адказвае: “Ды ты мне “дзякуй” павінен сказаць! Калі б я так не зрабіў, ты б нармальным кампазітарам не стаў!”

— На наступны год пасля твайго прыходу ў ансамбль яго пакідаюць такія знакавыя фігуры, як Уладзіслаў Місевіч і Валерый Дайнека…

— …і Валодзя Бяляеў, і Саша Растопчын.

— Ці было адчуванне, што не ўсё ў парадку ў плане чалавечых узаемаадносін?

— Калі дарослыя мужыкі столькі гадоў знаходзяцца разам у цягніках, гасцініцах, на гастролях, нейкія трэнні непазбежныя. Немагчыма быць белымі і пушыстымі з года ў год. Я не ўмешваўся ў гэтыя “цёркі” — і таму, што толькі прыйшоў у калектыў, і праз свой малады век: мне ж тады было ўсяго 26 гадоў. Я і дагэтуль лічу, што ў кожнага была і ёсць свая праўда. Але! Заўсёды заставаўся на баку Уладзіміра Георгіевіча: i ў 1998-м, і пазней. Аднак пры гэтым я б паспрачаўся з даволі распаўсюджаным меркаваннем: маўляў, Мулявін — гэта настаўнік, а ўсе астатнія “песняры” — вучні. Ткачэнка, Бярнштэйн або Палiвода — і выдатныя музыканты, і таксама тыя яшчэ педагогі, ва ўсіх сэнсах. У рэшце рэшт, я таксама не лыкам шыты. А Мулявін быў у першую чаргу ідэйным натхняльнікам, маторам ансамбля.

— Акрамя “Ave sole…” і “Вянка”, у тваім актыве яшчэ дзве канцэптуальныя праграмы “Песняроў”, якія выйшлі адна за адной: “Голас душы” і “Вольнасць. Казацкая вольніца”.

— Дарэчы, калі б я аранжыраваў “Вянок” сёння, зрабіў бы яго трошачкі больш складаным. Хтосьці кажа, што там геніяльныя аранжыроўкі, хаця яны простыя і зразумелыя. Але я б ускладніў. А тады на гэта не было часу.

“Вольніца” — разнамоўная праграма, сабраная з розных песень і не надта рэжысёрскі выбудаваная. Эклектычная, вясёленькая. Па чутках, Мулявін дзесьці пазнаёміўся з казакамі — беларускімі, і тыя папрасілі яго скласці нешта такое. Мая песня з яе “Гуляй, казак” да гэтага часу шыкоўна ідзе, многія калектывы яе спяваюць.

“Голас душы” — вельмі цікавая праграма. І не толькі таму, што там была “Малітва”… І не праз песню “Хрыстос уваскрос” на вершы Дзмітрыя Меражкоўскага. Яе вялікая вартасць палягае ў тым, што песні выконваліся сумесна з Дзяржаўным камерным хорам Рэспублікі Беларусь. (Я ж харавік-дырыжор па адукацыі!) А ў канцэртах, дзе “Песняры” гралі “Голас”, прымалі ўдзел знакамітыя “Харошкі”.

— Якімі былі для цябе гэтыя гады працы ў “Песнярах”?

— 1990-я самі па сабе былі вар’яцкімі: цяжкія, але жудасна чумавыя, шалапутныя. Самыя лепшыя гады майго жыцця — калі я працаваў у найлепшым савецкім і постсавецкім калектыве. Чым і ганаруся.

— Але наступіў момант, калі ты з яго сышоў…

— Мне Мулявін, дарэчы, так і не падпісаў заяву аб сыходзе… Усё вельмі проста. У 1998-м я набраў “свой” апошні “песняроўскі” склад. Але… Сярэднія былі хлопцы (за выключэннем Вадзіма Касенкi). Вакол “Песняроў” тады склалася такая атмасфера — з усімі гэтымі скандаламі — што ў ансамбль ніхто не хацеў ісці. Я стаміўся ўгаворваць людзей. І, шчыра кажучы, усё яшчэ чакаў, што ўдасца дамовіцца з Місевічам і Дайнекам. Так, яны вельмі пакрыўдзілі Уладзіміра Георгіевіча (мы ўсе не падарункі, але тая сітуацыя — гэта ўжо было залішне). Тым не менш, магчымасць дараваць адзін аднаго была. Аднак кубак трэснуў моцна. І Мулявін якраз тады задумаўся пра тое, каб якім-небудзь чынам вярнуць у ансамбль Кашапарава і Барткевіча. Мая жонка Ірына, між іншым, таксама яму гэта раіла.

А я глядзеў на новы склад — і бачыў, што ў цэлым гэта ўжо не “Песняры”. Хтосьці падыходзіў, а ў кімсьці нават і духу “песняроўскага” не адчувалася, ды і прафесіяналізму не хапала. І я Мулявіну сказаў: “Я вас вельмі люблю, паважаю, але больш так не магу”. Ён мне: “Я таксама жудасна стаміўся. Усё бачу. Ну… граюць і хай граюць”. Я: “Мне ўсяго 35. Што мне з усім гэтым рабіць? “Песняры” заўсёды былі эталонным калектывам і я хацеў бы працаваць менавіта ў такім ансамблі”. Мулявін: “Я цябе не адпускаю…” Але ў 2000-м з “Песнярамі” я расстаўся. Аднак па-ранейшаму падтрымліваў стасункі з Уладзімірам Георгіевічам — хоць бы на ўзроўні шашлыкоў на лецішчы…

— “Песняры” для Алега Молчана — гэта…

— …людзі, што ўвасабляюць сабой творчую спадчыну Беларусі. Для мяне гэта не проста ансамбль — з мінулага і сучаснага. Гэта цэлая супольнасць музыкантаў, паэтаў, кампазітараў, мастакоў, якія звязаны паміж сабой адной ідэяй — развіваць нашу культуру. Гэта і ёсць прызначэнне “Песняроў”.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ

Источник